Старонка:Як вясну гукалі (1927).pdf/62

Гэта старонка не была вычытаная

— Сышлі з свайго пуці, а калі гэтае, дык тады ўжо…

— Хоць-бы жыў, як чалавек які, — жаліцца далей Лявон і вастрата думак спадае, — а то ўжо з жонкаю развадзіцца хоча…

— Чаго-ж так ён — запытала Клімава нявестка, — яна-ж, здаецца, і маладзіца нічога сабе… Ці-ж было тое калі?!

— Маладзіца, як маладзіца, толькі ён, так яго…

Клім сядзіць, перабірае палец аб палец — па прывычцы, нібы грае на чым. У маладосьці ён добра граў на дудцы і цяпер калі-небудзь бярэ іх з круку і сіпла грае. Ён глухаваты і мала зьвяртае ўвагі на прамову Лявона. Толькі, як надта ўжо зацікавіцца чым, тады хрыпуча, з кашлем, перабівае другіх, — пачне свой сказ…

— Ці помніш ты, Клім, Лэйбу?

Мутныя вочы Кліма застанаўліваюцца на якой небудзь рэчы, і доўга так стаяць, думаючы зусім аб другім.

— Што-о?

Тады Лявон падыходзіць к самаму вуху Кліма і крычыць на ўсю хату, толькі ў другой форме:

— Да Лэйбы-б зайці цяперака — вы-ыпіць-га-а?

— А-а-а — кха-кха!

І Клім неяк балюча сьмяецца, крывячы бяззубы і чорны рот. Уяўляе раптам сабе карчму, як гэта пілі там на радасьцях і з гора. Няма — ні Лэйбы, ні карчмы. Стары Лэйба памёр, а карчму даўно разбурылі.

Забірае Лявона нешта, прытрымлівае хворы бок і пачынае, ні за што, ні пра што, лаяцца на чым сьвет стаіць — не ад крыўды, а так… Ён азірае баб,