Старонка:Як вясну гукалі (1927).pdf/64

Гэта старонка не была вычытаная

— Цяпер-бы ўзьлезьці, значыцца, на гарачую печ ды распарыць старыя косьці пад кажухом. Толькі вось думы гэтыя ды клопат не даюць спачыну. Перад вечарам прыдзецца раскапаць к хляву сьнег, а тады прынесьці нанач каню струшанкі, бо адно сена даваць, дык гэта-ж, ня хопіць да вясны, — дык хоць ты лопні, пакуль выганіш скаціну на папас. А ўвечары, хоць ужо пры лучыне ці што, сплесьці пахлапні, каб воз дроў прывезьці, а то-ж сын — шкарэда! — ня выправіш гэта яго (няма ўжо тае сілы!), — што хоча то й робіць над бацькам. Во, вырасьціў, значыць, на сваю скуру!.. Тады нешта конь — ці-то прыхамець яму якая — вывеў гэта надоечы на ваду, дык рэбры аж выперліся і вады не бярэ. І якую-ж тут раду дасі? Ну, ведама, — струшанкаю не раскорміш…

У хаце, як у дамавіне — ціха.

А Клім ізноў залязае на печ.

Размаляваў мароз вокны белымі вузорамі — там шугае мяцеліца з ветрам — і сьнег…

Круцяцца і зюзюкаюць верацёны ў руках жанчын. Часам яны парушаць аднастойнасьць цішыні ды завядуць моцную лаянку. Ад самага простага чаго небудзь: хоць-бы за тое, што бацька другі дзень не зьлязае абедаць, ён злуе на нешта і ні з кім не гаворыць. І змоўкнуць — сярдзітыя не ад слоў, ад жыцьця, што ня могуць перамагчы яго і разгадаць таемнасьць пад гул завірухі:

— Э-эх, задавіша-б ад такога жыцьця!

Уздыхае Паўла, кідае пад лаўку лапці ды выходзіць за дзьверы.

Клім ляжыць — успамінае мінулае.