Старонка:Як вясну гукалі (1927).pdf/67

Гэта старонка не была вычытаная

цюжы. Маці хоча зьвесяліць сына, пяе шопатам, каб не пачуў бацька, сваю простую песьню:

А хмелю, мой хмелю —
тонкі ды высокі.
Радзіся, мой хмелю,
шышкамі пукатымі…
Э-э-эй э-ай-й… а-а-а-й…

У галаве зьяўляюцца таемныя вобразы, на дзіцячы розум гоніцца ўяўленьне: маўчыць поле, шуміць гай, калышуцца пад вакном бярозкі… Ня поймеш, ці-то бура плача, ці-то русалка з лясуном?

Прагудзелі завірухі, прайшлі чарадом годы.

У мяне ёсьць новыя казкі, новыя легенды, якія можна зьдзейсьніць жыцьцём, што раней ня можна было адчуць — хоць тыя казкі сьветлыя і прыгожыя.

XIV

У сінякудрую раніцу я разьвітаўся з вёскаю. Тады яшчэ сьнег пад нагамі скрыпеў, хоць і пахла вясною. Жоўтыя праменьні сонца з крыштальнымі сьняжынкамі скачуць па аблогах мяцеліцу. Страха на нашай хаце скрывілася, быццам пашкадавала непатрэбнае.

І пашоў я…

Перш за гумнамі, тады па полю, а ў лесе ўжо стала зацішна і цёпла. Сьнег пад нагамі скрыпеў, дарожка вілася чорнай стужкаю. Думаў я па дарозе, што буду ісьці вузкімі ляснымі сьцежкамі да станцыі, а потым — выйду на шырокі ды сьветлы шлях.

На станцыі рэйкі далёка вядуць і сходзяцца на даляглядзе — далёка…