Старонка:Як вясну гукалі (1927).pdf/68

Гэта старонка не была вычытаная

— Трэрах-тах-тах! — гудзіць вагон, вядзе няскончаную песьню.

Жарка і душна… Успамінаецца супрадкавая песьня. Пелі яе бабы, калі сьнег ляжаў гурбамі за вакном, а на бярозах вісела шэрань: мотыў яе быў смутны, як той непагодны дзень:

Я ў гародзе, я ў гародзе
рожу палола…
Э-эй, даліною, даліною
рожу палола-а…

Родныя мне людзі, чаму гэта шкода вас?

Такая добрая і простая вясковая дзяўчынка — Алёна…

Быў вечар, тады раньне, а вечарам — зазіхацеў агнямі горад. Тут электрычны бляск разьліты, яркае зіяньне, а людзі другія, розныя ад чмараўскіх людзей. І яны жывуць сваім адчуваньнем паўнаты ці пакутаў жыцьця.

Горад грыміць, горад гаворыць…

.       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .

XV

Можна чалавека заглушыць у незразумелым зухаце, выбіць і вытаўхнуць вон; можна падрэзать яму крыльлі — і ён ня ўстане. А калі зразумее сэнс і лірыку — горада гудкоў і грукату, чалавек пойдзе ў канец гораду, ляжа на чорную адсажы зямлю, прыслухаецца да шуму і скажа:

„Горад стане новай бацькаўшчынай!“

… Лета я працаваў у горадзе, каля чыгункі, падвозіў тачкамі зямлю, слухаў гудкі машын і ўспамінаў Чмарава. Хоць і там былі свае драмы, свае нягоды, але не зраўняць з імпэтам і гулам…