Старонка:Як вясну гукалі (1927).pdf/74

Гэта старонка не была вычытаная

сілушкай хвасталіся і гаравалі, заліваючы нядолю брагаю.

Хадзілі асілкі ад чорнай зямлі ды білі нечысьць, што не давала жыцьця замардаваным людзём…

А было даўно.

Старыя ня помняць.


∗     ∗

… Жыў гарапашнік мужык. А ў яго была гуляшчая дачка. Красавала, як зялёная кветка ў восень сярод жоўтай дубровы.

Зрабіў мужык гуляшчай дачцы сваёй мураваны склеп і пасадзіў яе туды.

— Будзеш сядзець, грэшная дачка мая, каб вока людзкое цябе ня бачыла.

І сонца не глядзела ў склеп, і трава жаўцела за мураванай сьцяною.

А ў гуляшчай дачкі той сын радзіўся і вырас ён вялізным, асілкам, прыгожым з твару. А маці дала яму імя — Буй-Вецер.

Разьбіў ён той склеп з двох разоў кулаком, а сам пашоў к гарапашніку-мужыку ды ў ногі старому, і кажа:

— Ёсьць у мяне сілушка і зраблю я пустазельле зямлі на пахань…

Пра сілу волата ходзіць далёкая слава.

Тады захацелася Буй-Ветру буйнай сілай памерацца і пашоў з булавою ў сорак пудоў хадзіць па зямлі — ды сьцежкамі простымі, не расьцярэблянымі нікім — глуміць зло, карчаваць пянеўе на пахань…

… І жыў тады на зямлі зьмей а дванаццаці галовах у залатых палацах, наймацнейшы з людзей тым, што піў чалавечую кроў, цмактаў яе кожны дзень… І пачалі прыгнечаныя людзі паўставаць суп-