Старонка:Як вясну гукалі (1927).pdf/77

Гэта старонка не была вычытаная

Зарасьлі ў даль прыгожа-песенную сьцежкі рутай-мятай пахучаю…

У пару вяснова-радасную,
у пару восенна-жоўтую —
шапацяць-звоняць
лісты-пялёсткі…

І трапляецца мне часамі, ідучы сьцежкай-дарогай мурожнаю зьбіраць тыя пялёсткі, завіваючы ў вянок з сініх васількоў у жыце…


∗     ∗

Сівенькі дзядуля апавядаў мне пра гэта.

— Бывае часам у людзей гора, як хмара чорная… І сыпяцца тады сьлёзы на жоўты жвір-камень…

Нарадзіўся сын у жанчыны, і аднясла яна дзіцё-сына на сіні Дунай.

— Ой, ты ціхі Дунай, калышы маё дзіцё! — так пяецца ў той песьні.

Ішлі гады карагодам-чарадою.

І расла ў той краіне кветка палёў ды лясоў — дзяўчына красуня…

Ішлі гады карагодам-чарадою.

Узгадаваў Дунай на сініх грудзёх сына забытага людзьмі.

Сустрэліся ў пару маладую на гора ліхое дзяўчына-красуня з хлапцом забытым людзьмі, і моцна закахаліся, як ня можна кахаць жыцьцё. А па старому звычаю дзядоў-продкаў іх ашлюбавалі…

Толькі тады праведалі, што дзеці адной мацеры — брат ды сястра.

Нельга было зламаць закон той страшэнны, і ня было моцы чалавечаму адчуваньню разьвязаць гэта простым розумам…