Старонка:Як вясну гукалі (1927).pdf/80

Гэта старонка не была вычытаная

Ласкава-вясёлае, сьмяшліва-сіняе, як сьветлая дарога жыцьця — бясконцным абрусам слалася мора.

А часам было лютае, трывожнае, як думкі злодзея — тады яно гнала чалавека, узьнімала ў грудзёх абурэньні хвалі за крыўду…

Маладыя кахаліся зорнымі вечарамі пры ўсплёсках мора. Душа ірвалася некуды ў далеч — у той стэп няслася з ветрам. І простаму сэрцу хацелася расказаць другому паслухмянаму сэрцу аб шчасьці ды горасьці.

А песьні ня ведалі.

Таму й жылі так, бязрадасна, бо не маглі зьліць накіп душы ў нешта прасторнае і неабдымнае.

Так было…


∗     ∗

Малады пастух пасьвіў статак ля мора. Вабіла яно, як сябра, і з гэтага берагу сьмяялася чаратамі і трысьцём.

Многа раз гаманіў ён з морам, а яно было такое прыгожае, такое бунтоўнае і ласкавае, — што паліла кроў, як першы пацалунак маладой пастушкі.

І не аднойчы казаў сабе:

— Эх, мора! Люблю я цябе бясконца.

Казаў, і любіў проста, як умеў…

І здарылася раз нешта нязвычайнае: выплыла з ціха-сіняга мора дзяўчына дзіўнай прыгожасьці. Марскою царыцай здавалася яна. Бліскучае, хітрае сонца грэла ў яе пралескавых вачох, а на грудзёх блішчэлі дыямэнты, абвітыя каралямі з жоўтых і сініх красак.

І яна засьпявала.