Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/108

Гэта старонка не была вычытаная

ДУЖЫЯ І СЛАБЫЯ

На балі жыцьця шумнага
Ня ўсім адзін абед, —
Для дужага і слабага
Не адналькоў прывет.

Сядзіць дужы з павагаю
За бесядным сталом,
На куце ён пасаджаны
Жыцьцём-гаспадаром.

Прынукай, просьбай дужага
Частуюць у стале,
І чарка прад ім поўная,
І служаць яму ўсе.

Дзе-ж месца, дзе слабейшага,
Загнаных месца дзе?
К парогу з страхам ціснуцца;
Яны — не ў грамадзе.

Аб‘едкі з стала дужага
З пагардай ім швырнуць,
І дужым недапітую
Ім чарку паднясуць.

Зайграла гучна музыка, —
Пайшоў дужы гуляць,
На гэта-ж толькі слабыя
З-паза вуглоў глядзяць.