Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/110

Гэта старонка не была вычытаная

КЕПСКА

Кепска, браткі, жыць нам стала!
Няма шчасьця, добрай долі;
Калі хлеб ёсьць — няма сала,
Хоць гарэлкі дык даволі.

Ой, гарэлка, як з крыніцы,
Да нас цягам прыплывае;
І п‘е кожны, ня журыцца,
Хто які грош толькі мае.

П‘юць усе, хоць бяда дома,
Хоць льлюць сьлёзы жонка, дзеці,
Хоць хлеб — зёлкі ды салома,
І таго няма у клеці…

П‘юць, хоць грош крывавым потам
На гарэлку здабываюць;
П‘юць, хоць посьле дзе пад плотам
Сваю долю праклінаюць…