Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/111

Гэта старонка не была вычытаная

ГАРЭЛКА

Атрутай маею
Хто стаў залівацца,
Астаўце надзею
Мець шчасьце у хатцы.

Мець шчасьце, багацьце,
Жыць згодна з раднёю,
Спакою зазнаці,
Ня плакаць душою.

Я з дзеткамі, з жонкай
Дзень кожны паваджу,
Зазнацца з палонкай
Пад‘юджу, параджу.

Маёй як атрутай
Душу атуманіш,
І мысьлі паплутаў,
І сьветла ня глянеш.

Ўсе людзі — дружочкі,
Ня людзі — анелі!
Адрокся-б сарочкі,
Каб толькі хацелі.

Такім добрым будзе
Той п‘яны бяз меры,
Хоць будуць-жа людзі
Глядзець, як на зьвера.

Хоць будзеш ты горай,
Як зьвер, выглядаці,
О, зьвер без пакоры,
Што шоў-бы кроў ссаці.

На лоб павылазяць
Чырвоныя вочы,
І воблік твой сказяць,
Твар плямы абскочаць.