Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/114

Гэта старонка не была вычытаная

ЛЮБІМОСЬ, МАЕ СУСЕДЗІ!

Любімось, мае суседзі!
Кіньма сваркі, звадкі;
Жыйма, як родныя дзеці
Аднэй нашай маткі!

Што ты маеш з сваёй звадкі,
З дзікай ненавісьці?
Людзі толькі насьмяюцца,
І ўсёй тэй карысьці.

Людзі толькі насьмяюцца,
Ўрагі скарыстаюць,
Над душой чорт запануе,
Ўнукі цябе злаюць.

А пачнема жыці ў згодзе
Ў пачцівай, харошай, —
Знойдзем долю, знойдзем волю,
На зваротак — грошы.

Ўрагом нашым прыступіцца
Трудна тады будзе,
Ды ў суседзяў ласку маюць
Згодлівыя людзі.

Дык любімася, суседзі!
Кіньма сваркі, звадкі;
Жыйма, як родныя дзеці
Аднэй нашай маткі!