Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/116

Гэта старонка не была вычытаная

ЗАСЬВЯЦІЛА ЦЯПЛО…

Засьвяціла цяпло бляскам радасьці яснай,
Разбудзіла ўвесь сьвет ад зімовага сну;
Эх, напрасна віхор енча ў плоце, напрасна:
Бачым сьветласьць кругом, бачым сонца-вясну!

Як з вадзіцы сьвянцонай нячыстая сіла[1],
Паляцелі расстаўшы і сьнег і мароз;
Вясна холад змагла, вясна сьвет ажывіла,
З вясной меней на сьвеце і смутку і сьлёз!

Ва ўсіх шчасьце на твары вясёлкай гуляе,
Ды ахвоціць да працы, да праўды сьвятой,
Невясёлыя думы і сны разганяе, —
Аж так хочацца жыць усяёю душой!

Аж так хочацца жыць і жывую надзею
Калыхаць у душы, думку сьніць аб адном:
Што вясна наша гора, як сьнег і завею,
Пахавае ў рацэ, спале сонца агнём!..


  1. З вадзіцы сьвянцонай нячыстая сіла — поэтычны вобраз, ужыты аўторам у сымболічным сэнсе, акрасьляючы сілу новых ідэй у змаганьні з рэакцыяй Звычайны спосаб абмінуць конкрэтны выказ ад кары царскай цэнзуры. Ред.