Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/117

Гэта старонка была вычытаная

ВЯСНА

Ой, вясна, ой, вясна!
За душу ты мілей, —
З табой доля ясна,
З табой жыць весялей!

Як зьявілася ты,
Лес іначай шуміць;
Узлажыўшы лісты,
Як пан думны, стаіць.

Ты зялёнай травой
Скрыла чорну зямлю,
І прызвала сабой
Усіх к працы, к жыцьцю.

Гоман птушак-пяюх
Льлецца ў вушы твае,
На жалейцы пастух
Галасіста пяе.

Чуць заняўся усход
Неба яснай зарой,
Прэ на поле народ
З бараной і сахой:

Працавітай рукой
Засявае шнурок…
Ой, радзі, божа мой,
На пацеху хлябок!

А далей паглядзі, —
Там дзяўчаткі стаяць,
І з дзявочай грудзі
Песьні громка ляцяць.