Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/119

Гэта старонка была вычытаная

З ПЕСЕНЬ АБ ВЯСЬНЕ

Сьвяціла сонца, птушкі пелі,
Была вясна ўжо дзьве нядзелі, —
Гняздо клаў бусел-клекатун;
Лясы ўжо пукацца хацелі
І песьні весела шумелі;
Шукаў ахвяр сваіх каршун.

Але зьбірацца сталі хмары,
Крукі паселі на папары,
Запеў а полудні пявун;
І сівер з поўначы павеяў,
Сьнягамі ўсю зямлю абсеяў;
Азябшых птушак б‘ець каршун.

І будзе так са дзьве нядзелі:
Заціхне птушчына капэля,
Замоўкне бусел-клекатун; —
Ажно устане зноў з пасьцелі
Цяпло — і сьвет сабой засьцеле, —
Загіне з выстралу каршун.