Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/12

Гэта старонка не была вычытаная

Але знарок насустрэч ёй уверана пазіраў новы, малады пясьняр, прышоўшы ў горад з глухіх куткоў узбунтаванае, парушанае Беларусі, лапцюжнай, мякіннай, дагэтуль няведанай ды нязнанай. Прышоў, каб сказаць пра яе, ужо пачуўшую воклічы Цёткі, гукі К. Каганца, мары Ядвігіна Ш., словамі мужычых думак, мужычае гардлівасьці, вартасьці чалавечай у твары загнанага нявольніка:

Што я мужык, усе тут знаюць
І як ёсьць гэты сьвет вялік,
З мяне сьмяюцца, пагарджаюць,
Бо я — мужык, дурны мужык…
І кожны, хто мяне спытае,
Пачуе толькі адзін крык:
Што хоць мной кожны пагарджае,
Я буду жыць, бо я мужык!..

Так, „мужык-чалавек“, як той вол рабочы, бо дурны „мужык“, „цёмны — ня мае грошы на патрэбу“. Чаму? Таму, што цёмны, што ня мае мажлівасьці знайсьці выйсьце, каб сьмела і рэзка парваць векавечную цеганіну маўклівасьці і гараваньня. У гэтым першым вершы Янка Купала выпукла і выразна перадаў настрой селяніна-працоўніка, селяніна, які адплюшчыў вочы і выглядзеў стан свайго жыцьця, зразумеў яго цяжасьць, зразумеў сваю вартасьць. І ў гэтым першым вершы ўжо сьвядома выдаецца адзнаньне поэтаю клясавых прычын таго, што „мужык-беларус — усіх корміць сваёю працаю, а сам мякіначку есьць“. Адзнаньне, што ў гэтай неправіловасьці соцыяльнай закладзена асноўная прычына клясавых супярэчнасьцяй, якія прыціснулі селяніна і з якіх, зразумела, — выйсьце адно: зрабіць, каб „мужык-чалавек“ стаў панам тых багацьцяў, якія дабываюцца „сахою й касою“, „валоваю працаю“.

Поэта зьяўляецца сынам свае эпохі і тых соцыяльных умоў, якія справаджаюць яго нараджэньне, яго жыцьцё, Янка Купала — селянін. Нарадзіўся ў фольварку Вязанка Заслаўскай воласьці, Менскага павету і губэрні (1882 г. 25 чэрвеня ст. ст.). Бацькі — арандатары зямлі. Продкам поэты за нейкую выслугу перад кн. Радзівілам дасталася зямля, на якой узьнік засьценак Пяскі, заселены сям‘ёю Луцэвічаў. Яны абраблямі гэту зямлю, плацячы чынш. Але ўжо дзеда поэты „міласьцівы“ князь выкінуў з зямлі; бацька Купалы з бра-