Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/120

Гэта старонка не была вычытаная

ПАДАРОЖНЫ

Цягнецца, пляцецца
Падарожны ў даль, —
Няма дзе падзецца,
Душу муча жаль.

Ношка за плячыма,
Кіёк у руках,
Сінцы пад вачыма,
Млявасьць у нагах.

Чакае з трывогай
Ночкі, летніх бур;
Сьцелецца дарога,
Як вясковы шнур.

Па бакох бярозкі —
Прысады стаяць,
Далей — поле, вёскі
Водныя відаць.

Там — плех сенажаткі,
Пасевы, папар;
Там, як бабкі, хаткі
Селі ў доўгі шар;

Там снуе араты
З крывуляй-сахой;
Там — смычок зубаты
Скача над ральлёй;

Там ходзіць скацінка,
Авечка бляе,
Там градкі дзяўчынка
Поле ды пяе.

Бача падарожны,
Бача гэта ўсё,
Думкаю трывожнай
Маркоціць жыцьцё.