Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/125

Гэта старонка была вычытаная

КАСЦУ

Стукі, стук, стук, малаток!
Кляпі коску, мужычок,
Кляпі востранька сваю,
А я песеньку сьпяю.
Гоп, гоп, гоп!
Я табе сьпяю.

Быў даўней народ хітрэй,
Ня знаў стрэльбаў, дык аей!
Коскі шаблямі былі,
Ваяваць з імі ішлі.
Гоп, гоп, гоп!
Ваяваць ішлі.

Касу ў шыйцы адагне
І насадзіць, і махне;
Сьмерць таму, хто ня зышоў:
Касой рэзалі ўрагоў.
Гоп, гоп, гоп!
Рэзалі ўрагоў.

І гарматаў быў ня страх,
Грамада вялікі гмах:
Адзін ляжа, сто ідзе,
А хто-ж роўны грамадзе?!
Гоп, гоп, гоп!
Роўны грамадзе?!

Дык і ты касу вастры,
І так хутка — раз, два, тры!
Ідзі з ёю на вайну,
А я йначай пець пачну.
Гоп, гоп, гоп!
Пець інакш пачну.