Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/127

Гэта старонка не была вычытаная

ПЕСЬНЯ ЖНЕЙ

Пагнуўшы ў крук худыя сьпіны;
Сярпом махаючы крывым,
Мы, жонкі, ўдовы і дзяўчыны,
Пры доўгай постаці стаім
І дружна жнём,
І паддаём
Адна аднэй
Ахвоты больш,
І песьню жаласна пяём.

Асобна кожную загонам
Нас надзяліў пан-дабрадзей,
А над усімі злы аконам
Стаіць, ганяе жаць бардзей.
І мы ўсё жнём і г. д.

Агніста сонца прыпякае,
Ў губах язык засох, як косьць,
Пот горкі вочы залівае,
Змачыў кашулю ўсю як ёсьць.
А мы ўсё жнём і г. д.

Серп прыбаўляе ранаў косых,
Павеку рэжуць асьцюкі,
Як п‘яўкі, смокчуць кроў з ног босых
Аржоньня вострыя сукі.
Але мы жнём і г. д.

Мы жнём, растуць снапы і мэтлі,
Мы жнём людзям, адно пабач:
Гаротным нам хоць лезь у петлі:
Працуй на полі — дома плач.
І ўсё-ж мы жнём і г. д.