Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/129

Гэта старонка не была вычытаная

ЗАХАД СОНЦА

За нязнаную
Даль пахмурную
Закацілася
Ясна сонейка.

Ой, пара, пара
Табе, добрае,
Адпачыць пайсьці,
Посьле дня ўсяго.

Нахадзілася,
Нагулялася
Над зямелькаю
Па-над крыўднаю.

Бачыць трэ‘ было,
Каб уродаю
Ніва ўбогая
Убіралася.

Сагрэць трэ‘ было
Бяспрытоннага,
Сьлёзы высушыць
Абнядоленым.

Усьміхаціся
Ўсім замучаным
Доляй-радасьцяй,
Воляй-сокалам,

Посьле гэтакай
Працы-мачыхі,
Спачынь, сонейка,
Там за горамі.