Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/131

Гэта старонка не была вычытаная

ВЫЙДУ

Выйду я, выйду
З лубкай сваею
І шнур вузенькі
Густа абсею.

Густа расьсею
Збожжам зярністым
Па гэтым полі
Па камяністым.

Мо‘ блісьне доля
Над маёй нівай
І пагадліва,
І урадліва.

Агрэе ў холад,
Скропе ў пагодзе,
Буйна і спорна
Шнур мой уродзе.

Сажну увосень,
Як будзе сьпелы,
Хопіць мне хлеба
На годзік цэлы.