Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/133

Гэта старонка не была вычытаная

ВОСЕНЬ

Эй, восень, восень,
Скуль ты ўзялася?
Песьняй няўдалай
Так разьляглася?

Хоць адным шчасьце,
Восень, прыносіш,
Для другіх жудка
Горам галосіш.

Для адных ясна
Цяпла навееш,
Лінуць багацьцем
Не пажалееш.

Збожжам насыплеш
Поўна аруды, —
Будзе, ой, будзе
Золата груды.

Дзіка-ж ты б‘ешся,
Восень, аб шыбы
Беднай мужыцкай
Хаткі-сялібы.

Хатка старая
Стогне, трасецца,
Туж-туж бясьсільна
Рухае, здаецца.

Бедныя людцы
Крыюцца ў хатцы —
Страшна ім страшна
З холадам знацца.

Дзеці худыя
Туляцца к печы
Босыя ногі,
Голыя плечы.