Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/136

Гэта старонка не была вычытаная

СПУСТАШЭНЬНЕ

Га, чаго, вятрыска,
Так узбунтаваўся
І над вёскай блізкай
Ты не зьлітаваўся?

Ці цябе ўгнявілі
Людзі або неба?
Ці тваёй злой сіле
Выкупу патрэба?

Пазрываў салому
І шчыты з хацінак;
Зрабіў кучы лому
З хляўчукоў, з адрынак.

Што цяпер пачаці?
Бедны люд вясковы!
Холад будзе ў хаце
Панаваць зімовы.

Будуць над калыскай
Плакаць бацька, маці
Дый цябе, вятрыска,
Праклінаць, пытаці:

Чаго, пеклаў цёска,
Так узбунтаваўся
Дый над блізкай вёскай
Ты не зьлітаваўся?