Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/138

Гэта старонка не была вычытаная

ЗІМА

Прышла зіма халодная,
Нягодная зіма, —
Цярпі, зямелька родная,
Няма жыцьця, няма.

Прыцьмілась сонца яснае,
Прыціх шум баравы;
На полі пустка страшная —
Ні збожжа, ні травы.

Сьнег белы мёртва сьцелецца
Пасьцеляй грабавой,
Сапе, шуміць мяцеліца,
Мяце сьнег, як мятлой.

Мароз, як кат бязжаласны,
Ў лёд рэчкі акаваў,
Стральбой сваёй бязрадаснай
Па сьценах біць пачаў.

Стральбой сваёй праклятаю
Ў лёт слабых птушак б‘е,
Пры хаце і за хатаю
Спакою не дае.

Хаваюцца ў будоўліны
Жывёла і народ, —
У сьнег зямлі абноўленай
Ня міл для іх паглёд.

Ваўкі па сьцежках шляюцца
І ночкаю, і днём,
І жутка разьлягаюцца
Магільніцкім выцьцём.