Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/140

Гэта старонка была вычытаная

МАЯ ХАТКА

І старая, і крывая
Хатачка мая, —
Уся зьлеплена, як будка,
З аднаго гнільля.

На страсе, як на балоце,
Зрос зялёны мох;
Каты, часам і сабакі
Лазяць па вуглох.

Па дзьве шыбы у ваконцы
І тыя з лучын,
Адны нізенькія дзьверцы,
Ганачак адзін.

І ў сярэдзіне у хатцы
Бедна, хоць ты плач:
Непачэсна выглядае,
Бо я-ж не багач.

Яе сьцен не склютавана,
Няма ў ёй сьвятліц,
З друзу выбіта падлога,
Столь яе з драніц.

Як увойдзеш, — пры парозе
З гліны печ стаіць, —
На ўсю хату, як вураднік,
З-пад ілба глядзіць;

А пад печкай — маіх курак
Хаткі-катухі,
Там, як трэба мне ўставаці,
Пяюць пятухі.