Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/142

Гэта старонка была вычытаная

САХА

Друг мой неадчэпны,
Саха ты крывая,
Хоць корміш сьвет цэлы,
Сама-ж век худая.

Вяровак, жалеза,
А дрэва найболей
Пайшло, каб пажытак
З цябе быў у полі.

От разьні-нарогі,
Паліцу ўзьнімай-роль
Мне выкаваў ў кузьні
З жалеза каваль Сроль.

Палічнік, прыполак,
Падсошнік-крывуля
Прыладжаны мною
З дубочка-сынулі.

На пласе з бярозы,
Ў рагач увязанай
Падвоямі туга,
Нарогі ўзагнаны.

Рагач-жа яловы —
Ў ём мыліца ўбіта —
З ярмом змацаваны
Прызьмом з дубцоў вітым.

Ў ярмо і кульбакі
Капаныя ўткнёны,
А так-жа й занозы
На ўсе дзьве староны.

Такіх вось прыладаў
Сабраць сасе трэба,
Каб здатнай была ўжо
Дабыці нам хлеба.