Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/144

Гэта старонка была вычытаная

ЛАПЦІ

Не праклінайце
Лапцяў ліповых,
Не пагарджайце
Лапцяў лазовых.

З імі шануйце
Цяжкую працу, —
Лапатнік корме
Пана з палацу.

З часам-жа лапці —
Гаю, ой, гаю! —
Выпра дастатак
З нашага краю.

Людзі абуюць
Боты, камашы;
Прыдзе загуба
На лапці нашы.

Але адзін хоць
Мусіць застацца,
Ў цэркве завісьне
Дый на падкладцы.

Вушкам, аборай,
Скурай пад сподам
Памяткай будзе
Прышлым народам.

Будзе ён сьведчыць,
Як у няволі
Кепска жывецца
Ў хаце і ў полі.