Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/147

Гэта старонка не была вычытаная

І сьлёзы ліліся,
І песьні зьвінелі,
Малойцавы грудзі
Туліла ў пасьцелі;

Ды ўсё-ж праляцела,
Як яснай маланкай;
Сьпяць думкі і песьні,
Ў магіле сьпіць Янка.

Эй, моладасьць-радасьць
Мінула ўдалая!
А старасьць-няўдаласьць
Ніяк ня мінае.

І кепска бабульцы:
Сівая, худая,
Брак сіл працаваці,
Дык зёлкі зьбірае.

Нясе іх да Менску,
На рынку садзіцца,
Збывае і вуча,
Як трэба лячыцца.

А можа паможа
Душы хоць адной дзе,
І праца бабулькі
На марна ня пойдзе.

|}