Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/150

Гэта старонка не была вычытаная

НЯБОЖЧЫК

Надаела чалавеку
Жыці, пажываці;
Пекаў сваё гора, пекаў,
Дый трэба ўміраці.

Хоць хацеў-бы можа трошка
Жыць, павесяліцца, —
Сьмерць благая кладзе ў ложка,
Кажа ня будзіцца.

І памёр. Цяпер шчасьлівы,
Не баіцца ліха…
Эй, глядзеце: дзівы, дзівы!
Сьпіць спакойна, ціха…

Але везьць гной трэба з хаты,
Каб чэрві ня елі;
Скідай, браце, свае шаты!
Вады ўжо нагрэлі…

Змылі троху вочы, сьпіну, —
Што болей наразе?!
Палажылі ў дамавіну,
Як пана, як князя.

З дамавінай на калёсы
Нясуць, як сьвятога;
Разявякаў, салапякаў
Сабралася многа.

Кожны стогне, уздыхае,
Галосе, заводзе, —
Нібы плача, сэрца мае…
Годзе лгаці, годзе!

Ну, кабыла, ну, худая,
Паволі цягніся!
Ты, істота няжывая;
Ляжы, не зваліся!