Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/151

Гэта старонка не была вычытаная

Вот і цэрква, поп з крапілам
Чакае на ўзятку,
Пакурыў труну кадзілам,
Дзяк запеў ў астатку.

І на могілкі панесьлі
Труну, як павалу;
Ой, ой, каб-жа не растрэсьлі!
Нясіце памалу!

Званы гучна загудзелі
Галасістай песьняй;
Ой, сколькі-б вы там ня пелі,
Нябожчык ня ўскрэсьне!

Ну, грабару, капай яму,
Локцяў тры бяз мала;
Пахаваем тут мы краму,
Што труд прадавала.

Ужо выкапаў? — ну, ладна!
Труп спускаць пачалі,
І спусьцілі так парадна;
Зямлёй закапалі;

Насып вылажылі дзёрнам,
Крыж на ім — з каменьняў,
Вот і меней непакорным,
Адным меней, меней.

Праплывае многа летак,
Няма чалавека…
І пляцецца у нас гэтак
Ад веку да веку.

Як сьмерць возьме, усё гіне:
Нядоля, няволя, —
Спакой толькі ў дамавіне,
Ў дамавіне доля!

|}