Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/153

Гэта старонка не была вычытаная

Я БАЧЫЎ

Я бачыў, як вецер па полі гуляў,
Зямлю ўзрываў і бярозкай хіляў,
Заносіў пяском сенажаткі, лагчынкі,
Ламаў на бярозцы жывыя галінкі.

Я бачыў, як ястраб галубку забіў,
І выклеваў сэрца, і цёплу кроў піў;
Віхор яе пер‘е і косьці разьвеяў;
Галуб варкаваў, галасіў без надзеі.

Я бачыў дзяўчынку няшчасну адну,
Як бегла да рэчкі, нырнула ў ваду!
Нагнаў вецер хвалі і сьлед той загладзіў;
На беразе вольхі шумелі аб здрадзе.

Я бачыў ўсё гэта й душою цярпеў,
Застыў сьмех на губах і песьні ня пеў,
Заплакаў, заліўся маркотнай сьлязінкай
Адзін над бярозкай, галубкай, дзяўчынкай.