Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/156

Гэта старонка была вычытаная

ЛІПА

Высока, разлажыста
Расьселася пры хаце
Стара-старая ліпа,
Паважная, як свацьця.

Сто лет ужо старусе,
А можа нават болей,
Ад віхарў і ад бураў
Ня мела век патолі.

Сто лет — кавалак часу,
Ня сто дней, ня сто тыдняў,
Якіх зашло праменаў,
Збадаці ўсё абрыдне.

Няшчасьцяў, кляцьбы, плачу
Было, што, божа мілы!
Нябожчыкаў бяз ліку
Сыходзіла ў магілу.

А ліпа ані дбае,
Жыве, стаіць пры хаце
Высока, разлажыста,
З павагай, нібы свацьця.