Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/158

Гэта старонка не была вычытаная

ДА ДЗЯЎЧАТАК

Ой, дзевачкі, любанькі!
Люблю, люблю вас,
Я ў вашых, галубанькі,
Сетачках увяз.

Ох, мае вы сонейкі,
Ня знаю з чаго
Ня мілы мне гонейкі
Шнурочка майго.

Ня мілы мне хатачкі
Родненькай куток,
Ня мілы мне матачкі
Слоўцы: „мой сынок!“

Ня міла, як волікаў
Рог забушаваў;
Ой, ой, для саколіка
Час благі настаў!

Сэрца б‘ецца, корчыцца,
Кроў пашла гуляць,
Днём рабіць ня хочацца,
А ночкаю — спаць.

Нападае часьценька
Нейка дзіўна млось,
І так шчасна-шчасьненька
Хочацца чагось.

Вочы неўспадзевачкі
Ўсё туды бягуць,
Дзе сонейкі-дзевачкі,
Любачкі жывуць.