Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/161

Гэта старонка не была вычытаная

СВАТАНАЯ

Прыстройся, дзяўчынка-нябожа,
Так, як у дзянёчак сьвяты,
Галоўку ўчашы ты прыгожа, —
Сягоньня прыедуць сваты.

З гарэлкай прыедуць сягоньня
Й запоіны будуць твае…
Падумай, куды цябе згоне,
Куды цябе злы лёс пашле.

Падумай, як прыдзецца жонкай
Вайці да хацінкі чужой,
Зазнацца з чужою старонкай,
Зьлюбіцца з чужою сям‘ёй.

Дасьць бацька пасагу: цялушку
Й сьвіньню ці авечку з ягнём;
Дасьць маці выправу: падушку
Ды кубел стары з палатном.

Усё гэта возьме твой мілы,
Як з купленай, возьме з табой,
А ты будзеш аж да магілы
І жонкай яму, і слугой.

Павінна служыць ты і мужу,
І ўсёй яго слухаць радні;
На працу, на голад на стужу
Зважаць не павінна ані.

Ня будзеш чуць ласкавых словак,
І сьвёкар палае й сьвякроў;
Прытыкаў ятровак, заловак
Нап‘ешся, і ўгроз — дзевяроў.

Цярпець будзеш многа, ды часам
Паскаржышся мужу свайму, —
Багаты й сваіх крыўд запасам,
Ня дасьць рады гору твайму.