Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/162

Гэта старонка была вычытаная

А гора тваё, на пачатку
Малое, пачне прыбываць,
Як станеш ты зваціся маткай,
Дзіцё пачне грудзь тваю ссаць.

Жаць пойдзеш далёка ці блізка,
Муж пойдзе араць ці касіць,
З табой йдзе дзіцё, — і калыска
На полі на козлах вісіць.

А вернешся з поля дадому,
Гаротнае гора тваё!
Пачнеш паглядаць пакрыёму,
Ці хлеба хоць трохі йшчэ ё.

Слуга, жонка, ўрэшце і матка,
Ўжо знаеш, што трэба рабіць:
Спаўеш у пялёнкі дзіцятка
І станеш вячэру варыць.

І вечна ня знойдзеш спакою
Ў замужнім бязвольным жыцьці;
Нядоля усьлед за табою,
Як здань тая, будзе ісьці.

Ў дарогу ты выправіш мужа,
Пачнеш яго з страхам чакаць,
А хоць ня раз поўху і ўдружа,
Павінна п‘янога спаткаць.

Каса твая доўгая п‘яным
Патузанай будзе ня раз,
Наб‘е сінякоў пад каптанам,
Зрачэшся дзявоцкіх прыкрас.

Прытухнуць ад сьлёз ясны вочы,
Завяне, паморшчыцца твар,
А ў сэрцы, сягоньня ахвочы,
Замрэ твой мілосны ўвесь жар.

Нявольніка з краю нядолі —
Гаротнай нявольніцай ты,
Ахвярай ты век без патолі
Трудоў, беднаты, цемнаты.