Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/163

Гэта старонка не была вычытаная

Ну, што там смутнееш, нябожа?
Гарэлку пап‘еш зараз ты!..
Ідзі-ж і прыстройся прыгожа,
Каб не адракліся сваты.

Ўпадоба быць мусе нязьменьне,
Каб з дому баржджэй паляцець,
Бо дома… і дома ня меней,
Як замужам, мусіш цярпець.

Званкі ўжо зьвіняць па дарозе,
Вот госьці пад брамай крывой,
Ідуць, вот ужо на парозе…
Ты плачаш?! Чаго? Бог з табой!

Дзяўчынка, ці я цябе песьняй
Разжаліў панурай сваей,
Што гэтак ліюцца балесна
Сьлязінкі з прыгожых вачэй?

Кінь плакаць і сьмейся! Хай плача,
Хто песьню нядолі запеў,
Сьвятла хто і ласкі ня бача,
Хто з малку дзён шчасьця ня меў.

Жалобных ня слухай ты шумаў
У сілы свае цьвёрда вер
І лепшую долю прыдумай,
Як гэта, што маеш цяпер.

|}