Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/164

Гэта старонка была вычытаная

МАЛАДЫМ НА ВЯСЕЛЬЛІ

Ужо зьвязалі рукі вам
Прад аўтаром навекі,
„Сама“ ўжо — жонка, мужам — „сам“,
Ня трэба вам апекі.

Каб хлопец — маці кіне ўчыць —
К „самой“ не падсукаўся;
„Самога“ бацька ня збурчыць,
Каб па сялу ня шляўся.

Вы самі будзеце ўжо знаць,
Што годна, што ня годна,
Адно другога пільнаваць
Лепш маткі, бацькі родных.

Як, што там далей будзе у вас
Ня нам тут раздумляці!
Вясельле ў вас, а ў гэты час
Мы хочам пагуляці.

Гарэлку п‘ём мы як ваду,
Ядзём сыр, масла, сала,
Загналі ў кут нуду-бяду,
Чуй!.. музыка зайграла.

Уседзіць трудна за сталом,
Аж ходзяць — так здаецца —
І ногі й плечы хадыром,
І сэрца б‘ецца, б‘ецца.

Хутчэй, хутчэй яду набок!
Набок сталы і лавы!
Гульнём, дзяўчынка, мой дружок!
Часьцей такіх забаваў!

І шчасьце — дым, і праўда — дым,
А клёк — гульня, пахмельле.
Гукнём мы „дзякуй“ маладым,
Што ўстроілі вясельле.