Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/168

Гэта старонка не была вычытаная

ДУМКІ

(З украінскага. Т. Шэўчэнкі)

Нашто-ж чорныя мне бровы
І чорныя вочы,
Нашто леты маладыя,
Нашто твар дзявочы?

Леты мае маладыя
Марна прападаюць,
Вочы плачуць, чорны бровы
Ад ветру ліняюць.

Сэрца вяне, нудзіць сьветам,
Як птушка бяз волі;
Нашто-ж мне, краса мая, ты,
Калі няма долі?

Цяжка, цяжка сіратою
На сьвеце мне жыці:
Свае людзі — як чужыя,
З некім гаварыці!

Няма каму распытаці,
Чаго плачуць вочы!
Няма каму расказаці,
Чаго сэрца хоча!

Чаго сэрца, як галубка,
Дзень і ноч варкуе, —
Ніхто яго ня пытае,
Ня знае, ня чуе!

Людзі-ж мяне ня спытаюць,
Дый на што-ж пытаці? —
Няхай плача сіраціна,
Няхай леты траце!