Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/173

Гэта старонка не была вычытаная

ЯК КАРОЛЬ Ў ПАХОД ВЫХОДЗІЎ…

(З польскага. М. Канапніцкай).

Як кароль ў паход выходзіў,
Голас зычных труб праводзіў,
Залацісты сурмы йгралі
На пабеду ў добрай хвалі.

А як Стах пашоў на бітвы,
Зашаптаў яму малітвы
Цёмны лес ды жыта ў полі
На нудоту, на нядолю.

На вайне ўсьцяж кулі сьвішчуць,
Як касою людцаў нішчаць,
Каралі найлепей б'юцца,
Мужыкі-ж найбольш кладуцца.

Шалясьцяць сьцягі шаўковы,
Недзе крыж скрыпіць вясковы;
Стах ад раны умірае,
А кароль здароў вяртае.

У вароты як уехаў,
Вышла зорка на пацеху
І усе зайгралі звоны
На ўсе сьветавы староны:

Як дол мужыку капалі,
Зашумелі дрэвы ў далі,
Зашумелі праз дубровы
Тыя кветачкі лільлёвы.