Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/177

Гэта старонка не была вычытаная

Воўк

Э, брэшуць! Ведама, галеча,
Але хай брэшуць недарэчы!
Ты ўсё-ж такі хадзі ка мне ў капцюры.

Баран

Мяне са скуры абдзіраць так без пары
Лішні труд, вяльможны пане;
На то ёсьць спосаб дагаднейшы,
Што і мучэньня мне убавіць,
І для ягомасьця лацьвейшы:
Хай ваша міласьць воддаль стане
І ляпу разявіць,
А я ў яе, бы ў поламку, і рыну.

Воўк

А я цябе глыну, як сьліну!
Ха-ха-ха! Ха-ха-ха!

І засьмяяўся павоўчаму воўк,
І зірнуў на галодны свой бок,
Язык выпер, глытаці масьціцца,
А баран як разьляціцца,
Як бадне пад ляпу рагамі ваўка,
Ды сам ходу к сялу, дзе — скаціна,
Дзе пастух, трасучы ўжо дубінай,
Крычыць: біце, ваўка! Цю-га-га! Цю-га!

Воўк зрушыўся, глядзіць, як сп‘яна,
І думае: глынуў барана,
Але тонкімі бакамі трасе
І, калі ў пушчу са страхам нясе
Сябе самога, як злодзей,
Скавыча: быў баран ці не ў жываце —
На адно ўсё неяк выходзе.

Для нас такая тут навука:
Што хоць ваўку зьесьць барана й ня штука,
Але й баран з лап воўчых вырваціся можа,
І слабы — як ня дурань — дык дужага зможа.

|}