Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/179

Гэта старонка не была вычытаная

АГАРОДНІК

(З расійскага. Некрасава)

На людзей нападаць, забіваць не хадзіў,
Не хадзіў, куды ночкай ідуць цемнякі;
Праз дзяўчыну-красу я свой век загубіў,
Згінуў з ласкі паненкі, шляхоцкай дачкі.

Працаваў я у садзе у панскім вясной.
Вот раз неяк зграбаю сучкі ды пяю,
Глядзь, дачка майго пана стаіць прада мной,
Глядзіць зорка ды слухае песьню маю.

Агароднік дасьціпны, бадзяўся я шмат,
Па дварох і па местах багатых бываў,
І нагледзіўся там шмат прыгожых дзяўчат,
А такой-жа ні разу нідзе не спаткаў.

Бровы чорныя, стройна, аздобна была.
Стала жутка, я песьні сваёй не дапеў.
А яна? Што-ж яна? Пастаяла, пашла;
Я-ж за ёю усьлед, як шалёны глядзеў.

Чуў ня раз на сяле ад сваіх маладзіц,
Што і сам я прыгож, на пагляд ня брыдкі;
Як той сокал, гляджу, круглаліц, белаліц,
Валасы, нібы лён, а сам стройны такі.

Разыгралася сэрца з вясёлай душой,
Ды, як глянуў я тут на пакоі яе,
Засьвістаў і махнуў маладзецкай рукой,
Дый хутчэй за мужыцкія думы свае.

А прыходзіла-ж часта яна з тэй пары
Пагуляць, паглядзець на работу маю,
І сьмяецца са мной і крычыць: гавары,
Чаму так пасмутнеў і чаму не пяю.

Я-ж маўчу; ад чаго смуцен стаў — не кажу;
Вочы толькі спушчу, каб ня бачыць, ня чуць.