Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/180

Гэта старонка была вычытаная

„Пазволь, яблынку я за цябе пасаджу,
Ты ўмарыўся, пара, знаць, табе аддыхнуць“.

— Што-ж такое, паненка, вазьмі, на, паўчысь.
Памажы мужыку, папрацуй крыху й ты! —
Ды як брала рыдлёўку ў мяне, сьмяючысь,
Тут пярсьцёнак убачыла мой залаты.

Ад пахмурнага дня вочы сталі цямней,
На губах, на шчаках разыгралася кроў…
— Што з табою, паненка? Чаму на мяне
Няпрыветна глядзіш, хмурыш чорную броў? —

„Скуль узяў, скажы мне, ты пярсьцёнак такі?“
— Скора будзеш старой, як усё будзеш знаць. —
„Дай мне! Я пагляджу… Незгаворны які!“
І за палец мяне ручкай беленькай хваць!..

Пацямнела ў ваччу, душу кінула ў дрож;
Я даваў, не даваў ёй з пярсьцёнкам руку,
Дый прыпомніў тут, знаць, што і сам я прыгож,
І, ня знаю ўжо як, цмок паненку ў шчаку.

З таго часу з ёй ночак я шмат скаратаў,
Многа шчасьця зазнаў, ў ясны вочы глядзеў;
Касу сьветлую ёй расплятаў, заплятаў,
Цалаваў, мілаваў, песьні родныя пеў.

Мігам лета прашло, ночы сталі сьвяжэй,
Пад дзень шэрань, мароз пад нагамі скрыпіць.
Вот раз неяк скрадаўся ў пакоі я к ёй,
А хтось — цап! „Лаві злодзея!“ грозна крычыць,

Так злавілі мяне, на дапрос прывялі;
Я стаяў і маўчаў, гаварыць не хацеў…
Ну, красу з галавы вострай брытвай зьмялі,
А жалезны убор на нагах зазьвінеў.

Далі розаг капу і пагналі дружка
Ад радзімай старонкі ў чужацкі краёк
На бяду і нуду. Знаць любіць ня рука
Нам, патомкам мужыцкім, ды панскіх дачок.

|}