Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/181

Гэта старонка не была вычытаная

НАД КАЛЫСКАЙ

(Насьледаваньне)

Сьпі, маленькі мой сыночак!
Вочкам ня міргні;
Сьвеціць месяца кружочак,
Ты-ж аб долі сьні.
Сьпі і слухай песьні гэтай,
Ды ўспомні калі;
Сьпі, пакуль ня знаеш сьвету,
Люлі, люлі, сьпі!

Падрасьцеш, дазнаеш гора,
Папіваеш сьлёз,
Твае сілы зломіць змора;
Сьпека ды мароз,
І спаткаешся на сьвеце
З няпраўдай, з людзьмі
Сьпі, сыночак! Месяц сьвеце,
Люлі, люлі, сьпі!

Падрасьцеш і мусіш ногі,
Як кожны мужык,
Укруціць у ўбор убогі,
Ўбор з ліповых лык.
У ім помачы папросіш
Для сябе людзкой;
Сьпі, пакуль лапцей ня носіш,
Люлі, родны мой!

Павяду цябе да пана,
Пастаўлю служыць,
Там ад вечара да рана.
Будзеш ты рабіць.