Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/185

Гэта старонка была вычытаная

ПАНІЧ І МАРЫСЯ

Сьвеце месяц, сьвеце,
Як дзюрка ў сярмязе;
Паніч за мужычкай
Бязустаньня лазе.

Дваццаць год Марысі,
Кроў іграе ў целе,
З панскім сынам ночкі
Каратае, дзеле.

„Марыся, Марыся!“
Гавора ёй маці:
„Кінь на паніча так
Вачыма міргаці!“

Яна як ня чуе
Матчыных маралаў:
Спусьці маці з вока,
Дзеўка й загуляла.

Пад лясок, за вёску,
Бы далей ад дому,
Ляціць на спатканьне
К панічу ўдалому.

Што з сабой там робяць,
Як час каратаюць? —
Гэта хіба толькі
Муж і з жонкай знаюць.

Сьвеце месяц, сьвеце,
Як лысіна ў пана;
Мусіць быць нарэшце
Песьня дасьпявана.

Ад пакус і ўцехаў
Крок адзін к пакуце, —
Быці бабай дзеўцы
Часам чорт паплуце…