Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/187

Гэта старонка была вычытаная

І ЯК ТУТ НЕ СЬМЯЯЦЦА…

На нашым хітрым сьвеце
Ўсяляк жыве народ:
Адзін жыве палюдзку,
Другі жыве, як скот.
Адзін другім гандлююць,
Купляюць, як той квас, —
Падноскі падбіваюць
Стаячаму ня раз.

І як тут не сьмяяцца
І праўды не сказаць:
Варон на сьвеце многа,
Ды некаму страляць.

*

Вось мчыцца пан на парцы,
Упражка зіхаціць!
І конікі абмыты,
І панскі лоб блішчыць.
На цэлы сьвет з пагардай
Дзікім глядзіць казлом,
А быў-жа ён нядаўна
Авечак гандляром.

І як тут не сьмяяцца і г. д.

*

Вось хцівец грошы многа
З працэнтаў назьбіраў,
І фабрыку паставіў,
Людзям заробак даў.
Працуе душ галодных
Там соценькі са дзьве.
А ненасытны хцівец
Крывавы пот гняце.

І як тут не сьмяяцца і г. д.