Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/189

Гэта старонка не была вычытаная

Бяднейшаму ўжо брату
Рукі не падае,
Хоць сам такія-ж лапці
На ногі надзяе.

І як тут не сьмяяцца і г. д.

*

Вось мужычок быў хітры, —
Абралі старшынёй;
Як чорт перамяніўся,
І свой яму ня свой!
З вураднікам у шайцы
І з пісарам у лад,
Ён мужыкоў, як ліпак,
Абдзёрці ва ўсім рад.

І як тут не сьмяяцца і г. д.

*

Цяпер свае прыпеўкі
Я кіну да пары,
Бо шмат каму напэўна
Яны не па нутры.
Бо, як там кажуць: шапка
На злодзеі гарыць,
Ці — парасё хто ўкрадзе,
Таму ў вушох пішчыць…

І як тут не сьмяяцца,
І праўды не сказаць:
Варон на сьвеце многа,
Ды некаму страляць.

|}