Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/190

Гэта старонка не была вычытаная

ПЕСЕНЬКА ДЛЯ НЕКАТОРЫХ МАЛАДЫХ ЛЮДЗЕЙ

У нас маладых людзей дужа вучоных
Цяпер надта шмат разьвялося,
Праўд нейкіх шукаюць на сьвеце нясьнёных,
Над бедным з іх кожны галосе.

Да працы да роўнай, да волі шырокай
Ахвочы крычаці, ўзываці;
Іх шумныя песьні нясуцца далёка,
Што ўсе людзі — родныя брацьці.

Як дзіўна, як складна бражджыць усё гэта!
Шмат праўды, а шмат тут і жартаў;
Пакуль песьня іхніх хаценьняў ня сьпета,
Прыгледзіцца к ім самім варта.

Адзін з вас, паночкі, хітрыя галоўкі,
На доктара выйдзе, і будзе
З няшчасных схварэлых цягнуць паўрублёўкі,
Лячыцца ў яго будуць людзі.

Другі будзе з вас брахунцом-адвакатам,
Як трэба судзіцца, парадзіць,
А больш каб карысьці мець, брата ён з братам
За нібы-та праўду павадзіць.

А трэці, што больш усіх рваўся к свабодзе,
Напэўна ён будзе йнжынэрам,
Як ставіць вастрогі планы павыводзе,
Збагаціцца гэткім манерам.

Чацьверты з між вас, вольнадумцы, у судзе
Васьсядзецца членам вяльможным,
Галодных, нявольных судзіці ён будзе,
Караці Сібірам марозным.