Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/194

Гэта старонка не была вычытаная

ГРАД

О вы, што век цэлы адзеты і сыты,
І з думкай аднэй, каб пражыць весялей!
Ці бачылі гора у вёсцы забытай?
Ці бачылі працу загнаных людзей?

Ці гнуўся з вас хто над сахою у полі?
Ці вёз з вас каторы да места дроў воз
На хунт які крупаў, на хунт які солі?
Ці пёкся на сонцы, ці мёрз у мароз?

Палац ваш сьмяецца з нядолі бядачай, —
Век музыка, песьні і сытасьці крык.
А там гэт, у вёсцы і стогне і плача
Ваш брат, пагарджаны галодны мужык.

Пад потам арэ, барануе і сее,
Каб белага хлеба прыдбаці для вас,
А хто-ж з вас яго у бядзе пажалее?
Паслухалі-ж песьні яго вы хоць раз?

Эй! песьня ад вас, як ад пнёў, адаб‘ецца;
Вы рады-б і песьню здушыць, апляваць,
Бо ў песьнях шмат скаргаў на хціўцаў нясецца,
А ў скаргах бяздольных шмат праўды чуваць.

Гуляйце да часу уцехай шалёнай,
А можа і памяць надойдзе калі.
Эй! каб не спаткала вас доля Нэрона!
Рым можных шалёнствы к упадку зьвялі…
.................
Зашоў я раз к пану за нейкай патрэбай;
Сяджу, аж тут з вёскі прыходзе мужык,
Худы, чуць жывы, знаць, даўно ня еў хлеба,
Хоць, праўда, к бясхлеб‘ю з іх кожны прывык.