Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/195

Гэта старонка не была вычытаная

Уйшоў, ўвесь трасецца, стаіць у парозе,
Баіцца йсьці далей, ат, ведама, гад!
Ён толькі адважны дрыжаць на марозе,
Крывавы пот ліці, каб пан быў багат.

Стаіць і ўздыхае і сьлёзы ўцірае,
З нагі на нагу праступае ўсё так,
Гняце, знаці, думка яго неўдалая.
Аж пан запытаўся: „Што скажаш, бядак?“

„Паночку міленькі!“ той гэтак азваўся:
„Будзь ласкаў, зьмілуйся над горам маім,
Дай хлеба ці жыта: я ўсюдых цягаўся,
Нідзе не дастаў, сам галодны зусім.

І дома сямёра дзяцей засталося,
Нятоплена печка, няма што варыць,
А дзеткі заводзяць, а жонка галосе…
Ня йдзі хоць у хату, так цяжанька жыць.

Будзь ласкаў, паночку! Як будзе работа,
Я ўдвое за ласку табе адраблю…
Дай з пудзік, мей літасьць над нашай бядотай,
Пажыч, бо ці-ж буду я грызьці зямлю?!“

І моліцца гэтак, і жаліцца гэтак,
А колькі сьлёз выліў, сам хіба ня знаў,
Клянецца на жонку, клянецца на дзетак,
Што ён ня гультай, а што бог гэтак даў,

Што град выбіў збожжа усё да каліўка,
Так зьбіў, нібы конь пакачаўся ў траве…
А добра-ж была так абсеена ніўка, —
Як глянеш, здаецца, па ней штось плыве.

„Эй! шчыра, паночку“, ён гэтак гавора:
„З сахой, з бараной увіваўся я ў полі;
Ару, бараную да поту, а скора;
А ўсё каб зрабіці, а ўсё як найболей.