Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/197

Гэта старонка не была вычытаная

Так скончыў няшчасны свой жаль выліваці,
Па твары-ж сьляза за сьлязою бяжыць,
Як дзе летняй раніцай на сенажаці
Раса на травіцы вісіць і блішчыць.

Заплакаў-бы, браце, я разам з табою,
Дый сьлёзаў цяперашні сьвет не ўзнае;
Сіл трэба магутных змаганьню з бядою,
А сьлёзы, брат, высьмеюць толькі твае.

Вы скажаце, пэўна, што пан зьлітаваўся,
Даў хлеба ці збожжа, памог у бядзе?
Ці-ж знае, чым гора, хто з горам ня знаўся?
Паноў такіх добрых няма, брат, нідзе.

Паны толькі могуць гуляці да поту,
І беднаму гэты пры мне сказаў там:
„Плаціў я улетку табе за работу,
Плаці-ж і за хлеб мне: я дарма ня дам!“

|}