Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/199

Гэта старонка была вычытаная

І помніце: кожны, хто з вас астанецца,
Ня выйдзе у гэтай супольнай бядзе, —
Піць, піць будзе вечна такому хацецца,
І ён-жа ня знойдзе вадзіцы нідзе!“

Вот рвуцца да працы агромністай людзі
І зьверы, і птушкі, і кожны жучок;
І цяжка працуюць, — зрываючы грудзі,
Капаюць, цягаюць жвіровы пясок.

Ну! Будзе ім добра: дастануць вадзіцы,
Больш сохнуць ня будуць, як сохнуць цяпер;
Вот зробяць азёры і рэкі, крыніцы
І студні, а к студням — і зруб і асьвер!

Але хоць так шчыра паслухалі бога
Усе і за працу узяліся ўсе,
Канюх адзін толькі ня робіць нічога,
Ён гульма-гуляе, к рабоце ня йдзе.

Убачыў бог гэта з высокага неба,
Пазваў канюха і гавора тады:
„Няўжо-ж піць ніколі табе не патрэба?
Чаму не працуеш, дастаць каб вады?“

„Я піць не хачу!“ так канюх кажа богу,
„А як захачу, дык нап‘юся расы“.
І тут ён пусьціўся назад у дарогу,
Аж енкнуў віхор, зашумелі лясы.

А з неба грамлівы ўсьлед голас раздаўся:
„Навекі ты будзеш жыць толькі расой!
І хоць-бы ты млеў і з жыцьцём расставаўся, —
„Піць, піць!“ будзеш клікаць ты летняй парой!“

Вот скончана праца, нашліся крыніцы,
І мора бушуе, і рэчка бяжыць;
Хто колькі захоча, нап‘ецца вадзіцы,
Адзін канюх просіць, лятаючы, піць.